ТАМБО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ У цэнтры еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 27.9.1937. Пл. 34,3 тыс. км². Нас. 1257 тыс. чал. (2001), гарадскога 58%. Цэнтр — г. Тамбоў. Найб. гарады; Мічурынск, Расказава, Маршанск, Кірсанаў, Катоўск, Уварава.

Займае цэнтр. ч. Усх.-Еўрап. раўніны. У межах Окска-Данской раўніны (выш. да 219 м). Рэльеф пакатахвалісты, расчлянёны лагчынамі і ярамі. Карысныя выкапні: буд. матэрыялы, фасфарыты, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -11 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. Гал. рэкі: Цна з прытокамі (бас. р. Волга) і Варонеж, Варона, Матыра, Савала, Біцюг (бас. р. Дон). Глебы чарназёмныя, на Пн — шэрыя лясныя, па далінах і лагчынах — лугава-чарназёмныя і тарфяна-балотныя. Тэр. вобласці размешчана ў лесастэпавай зоне. Большая ч. стэпаў разарана, лясістасць менш за 10% (хвоя, дуб, клён, ліпа, ясень, бяроза, асіна). Варонінскі запаведнік.

Т.в. — індустр.-аграрны рэгіён Расіі. У структуры валавой прадукцыі на долю прам-сці і буд-ва прыпадае 31%, сельскай гаспадаркі — 17%, сферы паслуг — 52%. Вядучыя галіны прам-сці (паводле кошту прадукцыі, 2000): харчовая і харчасмакавая (цукровая, мясная, масласыраробная, агароднінакансервавая, піваварная, тытунёва-махорачная) — 26,9%, машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць абсталявання для хім., тэкст. прам-сці і чыг. транспарту, гальванатэхнікі, аўтапомпаў, авіяц. прылад, электратэхнікі, запчастак для аўтамабіляў і трактароў) — 27,9%, хім. і нафтахім. (вытв-сць азбеставых і гумава-тэхн. вырабаў, анілінавых фарбавальнікаў, мінер. угнаенняў, ферментаў, пластмас) — 18,3%. Электраэнергетыка грунтуецца на прывазным паліве. ЦЭЦ у гарадах Тамбоў, Катоўск, Мічурынск, Уварава. Развіта лёгкая (шарсцяная, трыкат., гарбарна-абутковая, футравая), мукамольна-крупяная і камбікормавая, лясная, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка збожжа-жывёлагадоўчага кірунку. Пераважае прадукцыя раслінаводства (60%). С.-г. ўгоддзі займаюць 2,7 млн. га, у т. л. ворныя землі 2,1 млн. га (1999). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, жыта, ячмень), тэхн. (цукр. буракі, сланечнік), бульбу, агародніна-бахчавыя і кармавыя культуры. Садоўніцтва (мічурынскія гатункі яблыкаў). Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушку. Даўж. чыгункі 736 км. Праз тэр. вобласці праходзіць чыгунка Саратаў—Масква. Гал. чыг. вузлы Тамбоў і Мічурынск. Працягласць аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5060 км. Суднаходства па р. Цна.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 15, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)